ФАРАДЭ́Я ЭФЕ́КТ,

эфект вярчэння плоскасці палярызацыі лінейна палярызаванага святла пры распаўсюджванні яго ў рэчыве ўздоўж сілавых ліній пастаяннага магн. поля, у якім знаходзіцца гэта рэчыва; адзін з эфектаў магнітаоптыкі. Ф.э. з’яўляецца першым доказам прамой сувязі аптычных і эл.-магн. з’яў. Адкрыты М.Фарадэем у 1845.

Вугал павароту плоскасці палярызацыі θ прапарцыянальны напружанасці магн. поля H і даўжыні шляху l святла ў рэчыве θ = VHl, дзе V — канстанта прапарцыянальнасці, залежная ад уласцівасцей рэчыва, даўжыні хвалі святла і т-ры. Напрамак павароту плоскасці палярызацыі (у адрозненне ад выпадку аптычнай актыўнасці) не залежыць ад напрамку распаўсюджвання святла (па полі ці супраць поля). Таму шматразовае праходжанне святла праз асяроддзе, змешчанае ў магн. поле, прыводзіць да павелічэння вугла павароту ў адпаведную колькасць разоў На Ф.э. заснавана работа магнітааптычных інтэгральных схем, аптычных засавак, вентыляў, ліній затрымкі і інш. Выкарыстоўваюць для вызначэння аптычных параметраў рэчыва, для вывучэння распаўсюджвання радыёхваль у магн. полі Зямлі і інш.

т. 16, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)